Пратэсты 2020 года парадзілі сваіх ікон.
Некаторыя з іх сталі вядомымі сімваламі рэвалюцыі выпадкова, іншыя зрабілі свядомы выбар.
«Паколькі ты ўлюбёнец прэзідэнта, усе цябе баяцца і моляцца на цябе».
Маргарыце Ляўчук было шэсць гадоў, калі Лукашэнка стаў прэзідэнтам Беларусі.
Праз дваццаць гадоў, у снежні 2019 года, калі Лукашэнка ішоў на свой пяты прэзідэнцкі тэрмін, Ляўчук сустрэлася з ім. Тады яна ўжо была адной з самых вядомых беларускіх оперных спявачак, яе сапрана гучала ў Вялікім тэатры оперы і балета ў Менску, а таксама ў перапоўненых канцэртных залах па ўсёй Еўропе.
У той вечар яна наведала адкрыццё раскошнага рэстарана ў Менску. Ніхто не ведаў, што Лукашэнка будзе там. Маргарыта расказвае, што рэстаран пабудаваны ў адным з цэнтральных паркаў Менска, дзе будаўніцтва падобных аб’ектаў забаронена — за выключэннем выпадкаў, калі на гэта ёсць дазвол рэжыму.
Маргарыту і Лукашэнку звёў алкаголь — ён сунуў ёй у руку стакан каньяку.
«Ён мне кажа: «Што ты п’еш?» Я адказваю: «Шампанскае». Ён кажа: «Давай сюды, я табе зараз налью! Ты ніколі больш такі каньяк не паспрабуеш» – і наліў мне каньяк 140-гадовай вытрымкі».
У размове з Лукашэнкам яна звярнулася да тэмы, якую ведала лепей за ўсё, — да оперы. Цяпер, яна падумала, у яе ёсць адзіны шанс запрасіць Лукашэнку ў оперу.
«Лукашэнка любіць толькі хакей — спорт. Ён ніколі не быў у оперы. Чалавек 27 гадоў ва ўладзе, і ён ніколі не быў у Оперным тэатры».
Яе план спрацаваў — ён згадзіўся. «Я не люблю оперу? Я люблю оперу!», — усклікнуў Лукашэнка.
У той час Маргарыта ўжо падумвала пра сыход з Вялікага тэатра, бо яна не хацела, каб яе лічылі прыхільніцай рэжыму.
Яна ведала, што Лукашэнка, верагодней за ўсё, ніколі не прыедзе на яе імпрэзу. Тым не менш пасля таго як яна абвясціла калегам, што прэзідэнт асабіста будзе прысутнічаць на оперы, усе кінуліся ўладкоўваць усё найлепшым чынам. Маргарыта з жахам назірала за абсурднасцю грандыёзнай падрыхтоўкі да спектаклю.
«Я смяялася з іх, я здзекавалася з іх. Яны ўсе бегалі ў паніцы. Канешне, я разумею, што так сябе паводзіць — дрэнна. (...) Але выкарыстоўваць людзей толькі таму, што яны схіляюцца перад Лукашэнкам, гэта было вельмі смешна».
«Там так усе яго баяцца. Як толькі цябе прымуць як набліжанага да рэжыму, ты можаш адчыняць дзверы з нагі».
Вынікам стаў грандыёзны паказ «Травіяты» Вердзі ў лютым 2020 года.
Гэта быў апошні раз, калі Маргарыта выступала на сцэне Вялікага тэатра.
Абраць бок апазіцыі — значыць адмовіцца ад усяго, чаго яна намаглася ў сваёй кар’еры.
Многія артысты, а таксама прафесійныя спартсмены ў Беларусі залежаць ад фінансавай падтрымкі дзяржавы, якая выдзяляецца для «развіцця талентаў». Заваяваныя ў такіх абставінах людзьмі тытулы і ўзнагароды становяцца падставай для гонару рэжыму, а не тых, хто дамогся вынікаў.
«Ты проста нявольнік і ўсё».
Першым публічным выказваннем Маргарыты аб падтрымцы дэмакратычнага руху стаў пост у сацыяльнай сетцы Instagram.
Яна напісала допіс са словамі «Жыве Беларусь» — галоўным лозунгам апазіцыі, якога старанна пазбягае дзейны рэжым.
«Вы ж разумееце, што за словы «Жыве Беларусь» — у нас адразу турма».
У кастрычніку, будучы дэ-факта міністаркай культуры, Маргарыта далучылася да Нацыянальнага антыкрызіснага кіравання.
У тым жа месяцы яна з’ехала выступаць у Вільнюс, дзе яе папярэдзілі, што ў Менск ёй лепей не вяртацца. На радзіме артыстку ўжо занеслі ў чорны спіс.
«А пасля я падумала: «Шчыры дзякуй оперы. Яна мяне выратавала».
За некалькі месяцаў з улюбёнкі рэжыму Маргарыта ператварылася ў заклятага ворага. Нягледзячы на тое, што ў Вільнюсе яна магла працягваць займацца любімай справай, ёй прыйшлося заплаціць вялікую цану за тое, што яна перайшла на бок апазіцыі.
«Я не магу вярнуцца ў Беларусь, [нягледзячы на тое, што] я хачу жыць на радзіме. І, канешне, я ведала, што ўсё будзе акурат так».
Жывучы ў Вільнюсе, Маргарыта часам задумваецца пра сваю бяспечнасць. Гэтыя думкі ўзмацніліся пасля таго, як Лукашэнка прымусіў пасадзіць самалёт Ryanair у Менску, каб затрымаць Рамана Пратасевіча.
Пасля гэтага інцыдэнту многія лідары апазіцыі мянялі свае пратаколы бяспекі, узмацнялі ахову. Акрамя таго, з’явіліся паведамленні, што супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў вядуць працу ўнутры апазіцыйных арганізацый.
«Я пераехала ў іншае месца, і мяне папярэдзілі нікому не даваць свой адрас (...). Кожны чалавек, нават твой сябар, можа аказацца хаўруснікам Лукашэнкі».
Да яе сям’і ўжо прыходзіла КДБ.
Улетку 2021-га Маргарыта пачала атрымліваць незвычайныя прапановы аб працы. Беларускія і расейскія прадзюсары прапаноўвалі ёй выступіць у Маскве, дзе, па іх словах, яе чакае галавакружная кар’ера.
Раней Маргарыта ніколі не атрымлівала так многа прапаноў працы ў сталіцы Расеі, усё гэта больш нагадвала спланаваную аперацыю беларускага КДБ, а не новыя магчымасці ў кар’еры артысткі.
«У Маскве цябе могуць проста запіхнуць у багажнік і адвезці ў Беларусь. А потым я апынулася б разам з Ромам Пратасевічам».
Пасля таго як спявачка адмовілася ад падазроных прапаноў, улада распачала супраць яе крымінальную справу. Асноўным абвінавачваннем было апаганенне беларускага сцяга ў адным з сатырычных відэаролікаў, знятых у Вільнюсе разам з вядомым беларускім блогерам Андрэем Павуком.
Маргарыта і Андрэй у сваёй студыі ў Вільнюсе. Яны папрасілі не раскрываць яе месцазнаходжанне.
Іх дуэт — «Чырвоная Зеляніна» — выкрывае абсурднасць беларускага рэжыму.
Праз некалькі дзён пасля таго, як з’яўляецца навіна пра чарговы дэмарш Лукашэнкі, эпізод на гэту тэму абавязкова можна будзе паслухаць у песнях «Чырвонай Зеляніны». Будзь то пасаджаны самалёт ці спроба рэжыму сілай вярнуць у Беларусь атлетку, якая ўдзельнічала ў Алімпіядзе. Ці хаця б тое, як сама Маргарыта з лаяльнага рэжыму артыста ператвараецца ў сапраўднага злачынцу.
Відэа, у якім Маргарыта спявае пра сваю крымінальную справу, на яе YouTube-канале сабрала болей за паўмільёна праглядаў. Мелодыя песні адсылае да вядомай савецкай калыханкі.
У відэа «Чырвоная Зеляніна» Маргарыта і Андрэй паказваюць тое, з чым большасць беларусаў добра знаёмыя. Маргарыта кажа, што іх сатыра ператварылася ў палітычную зброю. Цяпер яна ў руках той самай дзяўчыны, якой Лукашэнка год таму наліваў каньяк.
Яна дадае, што для Лукашэнкі гэта вялікая абраза. «Ён усіх памятае і, канешне, вельмі злуецца на мяне, таму што я для яго спявала. Ён мной захапляўся, а тут я супраць яго, яшчэ і высмейваю яго ў нашых відэа».
Дуэт Маргарыты і Андрэя вельмі любяць беларусы. Аднак іконамі рэлакантаў яны сябе не лічаць, абгрунтоўваючы тым, што не бачаць розніцы паміж тымі, каму прыйшлося з’ехаць, і тымі, хто застаўся ў Беларусі.
На пытанне, што б яна сказала Лукашэнку, калі б сустрэла яго сёння, без разваг Маргарыта ўспамінае пра Рамана Бандарэнку, мастака і былога вайскоўца з Менска, які быў прыхільнікам перамен. У лістападзе 2020-га сілавікі збілі яго ў двары шматкватэрнага дома, у якім ён жыў. Праз некалькі гадзін Раман з-за атрыманых калецтваў памёр у адной з мінскіх бальніц.
«Я б спытала ў яго: хто забіў Рому? Рома быў забіты на плошчы Перамен, [і] расследаванне гэтай справы да гэтага часу не праведзена».
«Потым я задала б шмат іншых пытанняў, бо пра колькі забойстваў мы яшчэ не ведаем».
На «Плошчы Перамен 2.0» у Вільнюсе намалявалі тое ж графіці, што і на беларускай плошчы, дзе затрымалі Рамана Бандарэнку. На знакамітым мурале — два беларускія дыджэі, якія на перадвыбарчым мітынгу ў Менску ўключылі культавую песню «Перамен», якая стала гімнам беларускага пратэсту, што прывяло да іх пераследавання і ад’езду ў Літву.
Улад быў адным з іх. «Мяне ўцягнулі ў глупства, на якое я не падпісваўся».
Усяго за тры дні да прэзідэнцкіх выбараў, 6 жніўня 2020-га, Уладзіслаў Сакалоўскі, гукарэжысёр, які працаваў у дзяржаўнай арганізацыі, не па ўласным жаданні стане сімвалам беларускай апазіцыі.
Нягледзячы на тое, што рэжым забараняў праводзіць перадвыбарчыя мітынгі апазіцыі, робячы ўсё, каб іх сарваць: аддаючы прыдатныя пляцоўкі і паркі для правядзення праўладных мерапрыемстваў, — тады на вуліцах можна было пабачыць сотні нязгодных з Лукашэнкам.
У той дзень Улад і яго калега Кірыл Галанаў павінны былі працаваць на афіцыйным праўладным мерапрыемстве, аднак, перавярнуўшы сцэнар, які планавалі арганізатары, з ног на галаву, маладыя людзі самі апынуліся ў цэнтры ўвагі.
Песня Віктара Цоя «Перамен», якая данасілася з калонак, на той момант ужо стала сапраўдным народным гімнам, натхніла тысячы апранутых у белае людзей.
Пераважна маўклівы натоўп, які трывожна назіраў за вялікай колькасцю сілавікоў у чаканні іх далейшых дзеянняў, нечакана выбухнуў антыўладнымі лозунгамі.
Фотаздымкі, якія зрабілі 6-га жніўня, дзе дыджэі стаяць за мікшэрным пультом і падымаюць рукі ўверх, паказваючы пальцамі знакі перамогі, зажылі ўласным жыццём. Іх вобразы сталі адлюстроўваць на плакатах і графіці на фасадах дамоў, а сілуэты дыджэяў сталі цэнтральным элементам плошчы Перамен.
«Як толькі гэта адбылося [забойства Рамана Бандарэнкі], я адразу ж пачаў атрымліваць паведамленні і званкі: «Патрэбная нейкая рэакцыя, таму што на вашай плошчы забілі чалавека». Па-першае, чаму гэта мая плошча?»
«Я з самага пачатку казаў, што гэты мурал стварыў не я. Адмысловым значэннем яго надзялілі людзі, а не я», — гаворыць Улад.
Зімой 2020-га, калі Літва жыла ва ўмовах строгага каранціну, а людзі ўсімі магчымымі спосабамі спрабавалі выратавацца ад невыноснай нуды, Улад гуляў па вуліцах Вільнюса і ўспамінаў настойлівыя спробы людзей узнавіць у ім вобраз іконы.
«Бліжэй да Новага года вакол мяне пачалі адбывацца рэчы, звязаныя з падзеямі 6 жніўня. (...) Да мяне паступалі дурныя прапановы: «Давай ты зробіш выгляд, быццам ты яшчэ раз націскаеш на кнопку», — з абурэннем у голасе, спрабуючы паўтарыць інтанацыю аўтараў прапаноў, гаворыць Улад.
«Потым: «Давайце знімем вас у мюзікле пра забойства Рамана Бандарэнкі. У яго двары, на плошчы Перамен».
«Мяне ўцягнулі ў глупства, на якое я ніколі не падпісваўся. (...) Я зрабіў тое, што зрабіў, але не для таго, каб потым усё жыццё гуляць ролю хлопца, які націснуў на кнопку».
Некаторыя просьбы рабіліся болей драматычнымі. «Я звяртаюся да цябе як да героя, а ты не можаш дапамагчы».
Жывучы ў Вільнюсе, Улад стараецца трымацца далей ад акцый пратэстаў, якія арганізуюць тут беларусы.
«Для многіх гэта нагода для гонару: «Я сядзеў [у турме], я герой, я рэвалюцыянер». У гэтым увесь сэнс (...) — паказаць, стварыць бачнасць, нейкі тэатр. Я не кажу, што ўсе такія, але ёсць і такія персанажы», — кажа Улад.
Па словах Улада, многія рэлаканты ў Вільнюсе захраслі ў падзеях жніўня 2020-га.
«Сто адсоткаў, што многія тутэйшыя беларусы ўсё яшчэ жывуць у тым часе».
«Што датычыцца майго ўчынку, я з самага пачатку казаў, што ў гэтым няма нічога асаблівага. Мне не даспадобы, як гэта пачалі ўспрымаць, таму я ад усяго гэтага дыстанцыруюся».
У Вільнюсе Улад жыве ў здымнай кватэры разам са сваёй дзяўчынай, якая пажадала не раскрываць свайго імя. Яе ніколі не пабачыш на пратэстах ці ў матэрыялах розных СМІ, у цэнтры ўвагі якіх часта аказваўся Улад. Дзяўчына валодае раскошай, якой пазбаўлены і Улад, і іншыя рэлаканты — магчымасцю вярнуцца ў Менск.
Па прыбыцці ў Вільнюс Уладу з уладкаваннем дапамаглі людзі з беларускай дыяспары, яны дапамаглі яму ў пошуку жылля.
Улад працаваў гукарэжысёрам у мюзікле пра Віктара Цоя, песня «Перамен» якога і стала адным з гімнаў беларускага пратэсту.
Сёння Улад кажа, што будуе сваю будучыню так, як сам таго хоча. Ён дадае, што не ўсе беларусы паводзяць сябе гэтаксама.
«У прынцыпе ў беларусаў такі менталітэт: складана на нешта рашыцца. Вось ты прыехаў з Беларусі са сваёю маленькай Беларуссю і не выходзіш адтуль, таму што гэта камфортна».
Падчас сустрэчы ў канцэртнай зале Compensa Улад паказвае створаныя ім аранжыроўкі для песень гурта «Кіно».
«Я, праўда, лічу, што ў першую чаргу чалавек павінен думаць пра сябе. Таму што, як можна думаць пра нешта, пра кагосьці, калі ты не можаш сваё жыццё прывесці ў парадак?»
«Мы прыехалі, але зноў жа, сядзім тут, чакаем нечага, пакуль там нешта само здарыцца. Тое, што адбываецца тут [у Літве], вельмі адрозніваецца ад таго, што там [у Беларусі]».
Назіраючы за тым, што адбываецца ў Беларусі, Улад не мае аптымістычных надзей на тое, што доўгачаканыя змены прыйдуць. Па яго словах, акрамя «размахвання сцягамі» ні тут, ні там больш нічога не адбываецца.
«Прайшоў некаторы час, [у Беларусі] ўсе пахаваліся, зноўку за свае капейкі хочуць працаваць».
9 жніўня 2021 года, у першую гадавіну з пачатку пратэстаў, Улад пагадзіўся прыняць удзел у арганізаванай у Вільнюсе акцыі, з’явіўшыся на сцэне ў акружэнні іншых беларусаў, што сталі сімваламі пратэснага руху.
У той дзень Улад не мог адмовіць у просьбе пра ўдзел у гэтым мерапрыемстве чалавеку з беларускай дыяспары, які некалі дапамог яму.
Улад лічыць, што акцыі ў Вільнюсе маюць «псіхатэрапеўтычны» эфект для рэлакантаў, якія тут жывуць: яны надаюць сэнс іх ад’езду з Беларусі, даюць магчымасць працягваць дзейнасць актывістаў.
«Калі ты скептычна глядзіш на ўсё гэта, можа быць, зможаш нешта пабачыць? Проста не спадзявацца, што нехта за цябе нешта зробіць».
«Падняла сястра, пачуўшы мой голас, вылаялася, заплакала і кінула трубку».
Яўген Заячкін ляжаў без прытомнасці, пры гэтым ягоныя вочы былі шырока расплюшчаныя. Супрацоўнік АМАПа, які схіліўся над ім, хаатычна размахваў рукамі, спрабаваў паклікаць на дапамогу медыкаў.
9 жніўня 2020-га Яўген памылкова лічыўся першай ахвярай пратэстаў.
Пра сапраўдную першую ахвяру стала вядома толькі на наступны дзень, 10-га жніўня.
Амапавец са схаваным тварам пад балаклавай, які ў той вечар знаходзіўся побач з Яўгенам, стаў галоўным аб’ектам беларускай прапаганды — пазней ва многіх інтэрв’ю ён будзе расказваць, як гераічна стараўся выратаваць жыццё Яўгена. А ў той жа час у менскіх турмах сілавікі збівалі і катавалі сотні затрыманых.
У першую ноч пасля выбараў Яўгена даставілі ў шпіталь. Праз некалькі гадзін, калі ён прачнуўся, доктар папрасіў Жэню як мага хутчэй з’ехаць адтуль, пакуль у шпіталь не прыехалі сілавікі.
Тады яго тэлефон быў разбіты, Жэня не мог адказаць на званкі сваіх блізкіх і сяброў.
Пасля многіх спроб яму ўдалося звязацца са сваёй сястрой: «Падняла сястра, пачуўшы мой голас, вылаялася, заплакала і кінула трубку».
Пасля гэтага інцыдэнту, які ўзрушыў многіх людзей, Яўген яшчэ ў жніўні 2020-га стаў адным з першых рэлакантаў, які прыехаў у Літву з-за пагрозы яго бяспекі ў Беларусі.
«Калі я перасек мяжу, думаў, што ўсё закончыцца ў канцы жніўня. Пазней — у канцы восені, — праз год пасля лёсавызначальных падзей гаворыць Яўген. — Тады ўсе спадзяваліся, што ўсё закончыцца да Новага года, аднак цяпер усе разумеюць, што гэта зацягнецца».
Пасля прыезду ў Літву ён адразу пачаў удзельнічаць у мясцовых акцыях пратэсту. Фотаздымак, на якім Яўген у непрытомным стане ляжыць на вуліцы ў Менску, размясцілі каля амбасады Беларусі ў Вільнюсе.
У першых пратэстах каля амбасады Беларусі, у жніўні 2020-га, актыўны ўдзел бралі прадстаўнікі мясцовай беларускай дыяспары, а гэтаксама беларусы, якія нядаўна прыехалі ў Літву. З часам колькасць удзельнікаў пакрысе змяншалася.
Па словах актывістаў і прадстаўнікоў дыяспары, у пачатку пратэстаў беларускія дыпламаты былі гатовыя да дыялогу. Аднак па меры таго, як у Менску ўзмацнялася ўлада рэжыму Лукашэнкі, пазіцыя супрацоўнікаў амбасады змянілася.
Большасці беларусаў гэты фотаздымак добра вядомы, ён стаў для іх увасабленнем жорсткасці рэжыму Лукашэнкі, а Яўген стаў сімвалам пратэсту.
Нават праз год пасля выбараў 2020-га многія людзі пытаюць Яўгена, ці па праўдзе на гэтым фотаздымку ён.
«Нехта кажа, нехта сам пазнае, яны [рэлаканты] адразу пачынаюць шукаць, параўноўваць: я гэта ці не я? Усе кажуць, што тады вельмі перажывалі і цяпер радыя, што ўсё добра скончылася. Але ўсе памятаюць гэтыя фотаздымкі».
Адказваючы на пытанне, ці лічыць ён сябе сімвалам пратэснага руху, Жэня на імгненне замаўкае: «Думаю, што так, я з’яўляюся сімвалам, але толькі першых дзён пратэсту», — адказвае ён.
Тое, што рэлаканты лёгка пазнаюць Яўгена на вуліцы, па словах маладога чалавека, пацвярджае, што ён для іх свой.
«Памятаю, калі я сюды прыехаў, я стасаваўся далёка не з усімі: ніколі не ведаеш, кім можа аказацца гэты чалавек».
Думаючы, што за імі сочаць супрацоўнікі беларускага КДБ, многія беларусы трымаюцца насцярожана. Інцыдэнт з вымушанай пасадкай у Менску самалёта авіякампаніі Ryanair і смерць беларускага актывіста, які працаваў ва Украіне, толькі пагоршылі становішча — гэта павысіла ўнутраны ўзровень неспакою рэлакантаў.
«Цяпер астатнія могуць быць упэўненыя, што я не на баку [рэжыму] — я ўдзельнічаў у пратэстах, быў збіты, па гэтай прычыне я і знаходжуся тут [у Літве]».
Гэта таксама садзейнічае ў аказанні дапамогі новым беларусам, якія рэгулярна прыбываюць у Літву.
«Я дапамагаю ўсім новым людзям тут. Яны праходзяць мяжу, паведамляюць пра гэта ў інтэрнэце, і ўжо вечарам [іншыя рэлаканты] збіраюць для іх некалькі пакетаў з ежай і неабходнымі рэчамі».
Цяпер Яўген пражывае ў адным са спальных мікрараёнаў Вільнюса, ён жыве пад адным дахам з іншымі беларускімі рэлакантамі. Савецкі шматпавярховік, што стаіць недалёк, мала чым адрозніваецца ад менскіх.
У Літве Яўгену, як і іншым рэлакантам, складана ўладзіць пытанні з дакументамі і забяспечыць сабе прававы статус для пражывання ў краіне.
Нягледзячы на тое што ў Вільнюсе ён змог знайсці працу ў будаўнічым сектары, яму прыходзіцца вырашаць праблемы бюракратычнага характару. Пасля прыезду ў Літву Яўген падаў прашэнне аб прадастаўленні палітычнага прытулку, аднак пазней ён адклікаў дакумент, бо працэс прадастаўлення прытулку занадта зацягнуўся. У выніку Яўген вырашыў адкрыць сабе працоўную візу ў Літве.
«У Вільнюсе я адчуваю сябе, нібы пераехаў у горад недалёк ад Менска», — кажа Яўген. Па яго словах, «нават клімат тут такі ж».
Нягледзячы на тое што ў Вільнюсе Жэня ўладкоўвае свой побыт нанова, у Беларусі засталася важная частка яго жыцця — непаўналетні сын, які не змог з’ехаць разам з бацькам з-за цяжкасцяў, якія стварыў рэжым.
З моманту пераезду ў Літву Яўген ні разу не бачыў сваё дзіцё. Усё, што ён можа рабіць, — гэта дасылаць грошы ў Беларусь.
У сакавіку 2021-га ў Вільнюсе прайшла масавая дэманстрацыя, прымеркаваная да Дня Волі — свята, якое ўжо шмат гадоў адзначаецца беларускай апазіцыяй.
Тады Яўген разам з іншымі рэлакантамі нёс вялізны гістарычны сцяг Беларусі па вуліцах літоўскай сталіцы. У той дзень на вуліцах горада можна было пачуць крычалкі “Ačiū, Lietuva” («Дзякуй, Літва»), якія пастаянна данасіліся з вуснаў удзельнікаў дэманстрацыі.
У той час кіраўніцтва Літвы чарговы раз разглядала пытанне аб закрыцці межаў, каб замарудзіць распаўсюд каранаравіруса. Гэтыя навіны выклікалі ў Яўгена занепакоенасць, бо гэта азначала б, што ў яго не будзе магчымасці шукаць працу за мяжой.
«Да чорту, хутчэй за ўсё, патрэбна пачынаць шукаць кватэру», — гаварыў тады Яўген.
Праз паўгода, улетку 2021-га, Жэня зноў падаў хадайніцтва на прадастаўленне прытулку.
«Імкнуся атрымаць прытулак, бо разумею, што ў найбліжэйшыя пяць гадоў мне прыйдзецца стаць грамадзянінам Літвы».
У будучыні Яўген плануе афіцыйна прэтэндаваць на літоўскае грамадзянства.
«Калі там [у Беларусі] нічога не зменіцца, я патрохі буду звыкацца да гэтага літоўскага жыцця».
Па словах Яўгена, у будучыні ён стане такім жа грамадзянінам Літвы, як і ўсе, толькі без права голасу на выбарах.
Новыя дакументы дазволяць яму вандраваць.
«Але адзінай краінай, у якую я не змагу паехаць, будзе Беларусь».