Частка I

Межы

Вольга Зазулінская — адна з актывістак, якая дапамагае сем’ям палітычных зняволеных. Яна дапамагае як тым, хто застаўся ў Беларусі, так і тым, хто быў вымушаны бегчы праз пераследаванні з боку КДБ.

Яна гэтаксама адна з многіх актывістаў, якія дапамагаюць тым, хто апынуўся ў Літве пасля тайнага пераходу праз густыя беларускія лясы.

«Мая праца не набліжае перамогу, але мая праца дапамагае людзям: тым жа сем’ям — выжыць, палітычным зняволеным — не адчуваць сябе адзінокімі, тым, хто сюды пераехаў, — адчуць цвёрдае плячо. Гэта і ёсць дапамога».

«Я дзялю сваё жыццё на “да” і “пасля” выбараў».

Сёння Вольга мерае сваё жыццё лёсам людзей, з якімі яна сутыкаецца. Яе мабільны нумар нібы тэлефон даверу, які працуе пастаянна па той бок мяжы.

«Мне тэлефануюць і кажуць: Вольга, ведаеш, да нас тут у дзверы ломяцца [КДБ]. Што нам рабіць?»

Вольга апынулася ў Літве па той жа прычыне.

Усё пачалося 9-га жніўня, калі яна працавала назіральніцай на выбарах.

«Мы сядзелі на крэслах ля плота [выбарчага ўчастка], як сабакі, і адзначалі яўку выбаршчыкаў. Так праходзіла галасаванне».

Пасля таго як было абвясцілі, што Аляксандр Лукашэнка набраў больш за 80 адсоткаў галасоў, тысячы людзей выйшлі на вуліцы Менска і другіх гарадоў краіны. Апарат бяспечнасці рэжыму пачаў выкарыстоўваць брутальныя метады барацьбы з пратэстоўцамі.

«Як закідваюць гранаты, як забіваюць чалавека, як АМАП на машыне хуткай дапамогі ўязджае ў натоўп людзей — я бачыла гэта на свае вочы. Відаць, з таго дня нармальнае жыццё скончылася».

У кастрычніку 2020-га Вольга далучылася да працы ў гарачай лініі беларускага праваахоўнага цэнтра «Вясна», які дапамагаў сем’ям затрыманых падчас пратэстаў знайсці сваіх блізкіх. Валанцёраў таксама затрымлівалі аднаго за адным, іх пастаянна не хапала.

Літаральна праз тыдзень валанцёрская дзейнасць Вольгі прывяла яе наўпрост у рукі КДБ: Вольгу затрымалі на адной з вуліц Менска.

«Я выйшла з дому, планавала ісці на гарачую лінію і ўсё — мяне паляпалі па плячу. Я абярнулася і адразу зразумела, што ўсё, па мяне прыйшлі».

Супрацоўнікі КДБ правялі ператрус у доме Вольгі, надзеўшы на яе галаву чорную маску, яе пасадзілі ў мікрааўтобус без апазнавальных знакаў. Пакружыўшы некаторы час па горадзе, мікрааўтобус пад’ехаў да штаба КДБ у цэнтры Менска. Вольга зразумела, дзе яна знаходзіцца толькі пасля таго, як дакранулася рукамі да старых парэнчаў лесвіцы ўнутры будынка.

Падчас затрымання, якое цягнулася 15 гадзін, яе, змяняючы адзін аднаго, дапытвалі трое супрацоўнікаў КДБ.

«Мне дазволілі запаліць, але апроч мяне ў гэтым кабінеце пачалі паліць яшчэ тры чалавекі. Праз тры гадзіны там стаяў страшэнны смог. Ты хочаш піць, вокны зачыненыя. Яны выходзяць з кабінета (...) дыхаюць свежым паветрам, вяртаюцца, а я працягваю сядзець на крэсле».

«Яны мяне дапытвалі і казалі: «Вы, можа, дрэнна разумееце, што такое вязніца, адправіцеся туды і пабачыце, тады мы з вамі сустрэнемся».

Але яны так і не сустрэліся.

Пасля таго як Вольга выйшла на волю, ёй стала страшна, што рэжым пачне пагражаць, маніпуліруючы яе дзяцьмі. На той момант неабходна было хутка прыняць рашэнне, што рабіць далей. Адзіным выхадам было з’ехаць.

Як і тысячы беларусаў, Вольга разам з дачкой Насцяй (13) і сынам Глебам (21) апынуліся на беларускай мяжы, у іх з сабой было ўсяго некалькі рэчаў.

Яе дачка, фігурыстка, у той дзень дапамагла сям’і прайсці беларускую мяжу без віз. Знаёмыя Вольгі ў Літве дапамаглі дастаць ёй дакумент, згодна з якім Насця атрымала сур’ёзныя траўмы, калі партнёр выраніў яе на лёд. У дакуменце казалася, што дачцэ Вольгі неабходна хуткая медыцынская кансультацыя ў Літве.

Расказваючы пра гэтыя падзеі, яны абедзве пачынаюць смяяцца: Насця так добра грала сваю ролю, што ў адзін момант Вользе пачало здавацца, што дачцэ насамрэч балюча з-за моцнага стрэсу.

«Аднойчы раніцай яна выйшла на трэніроўку і з’ехала з краіны (...). Яна не проста не вярнулася дадому, а назаўсёды пакінула краіну».

У Беларусі сын Вольгі працаваў супрацоўнікам Дэпартамента аховы МУС, спецыялістам па ахоўна-пажарнай сігналізацыі. Цяпер ён працуе ў будаўнічай фірме.

На той момант дачка Вольгі праходзіла стажыроўку ў Рэспубліканскім цэнтры Алімпійскага рэзерву па фігурным катанні ў Менску.

«Аднойчы раніцай яна выйшла на трэніроўку і з’ехала з краіны (...). Яна не проста не вярнулася дадому, яна назаўсёды пакінула краіну».

Перабраўшыся ў Вільнюс, Насця перастала займацца спортам, яе пастаянна суправаджаў страх і няўпэўненасць у тым, ці зможа яна ўвогуле калі-небудзь вярнуцца ў Беларусь.

«Яна пастаянна хадзіла са мной, нікуды мяне не адпускала, яна так спужалася».

Праз некаторы час Насця намякнула маці, што, верагодна, ёй патрэбная дапамога псіхолага, яна не магла зразумець, чаму ўсё так склалася.

«[Насця] некалі нават сказала: «Гэта ты вінаватая ў тым, што мы сюды пераехалі».

Гістарычны сцяг Беларусі вывешаны ў акне вільнюскай кватэры.

Расказваючы пра эмацыйныя іспыты, з якімі сутыкнулася яе сям’я, Вольга дзеліцца і досведам іншых рэлакантаў.

Дні беларусаў, якія былі вымушаныя пераехаць сюды, азмрочаныя тым фактам, што без ведання мовы і без патрэбных дакументаў многім з іх прыходзіцца займацца зусім іншай працай, чым у Беларусі. Часцей за ўсё гэта нізкааплатная праца — і ўсё дзеля таго, каб хоць як-небудзь выжыць.

Па гэтай жа прычыне многія беларусы з’язджаюць ва Украіну, дзе ім прасцей працаўладкавацца без наяўнага легальнага статусу, дзе для таго, каб выжыць, неабходна менш сродкаў, і дзе прасцей інтэгравацца з-за шырокага выкарыстоўвання рускай мовы.

«Спачатку чалавек здольны заглушаць эмоцыі, таму што сам сабе кажа: «Я павінен жыць у такіх умовах».

Па словах Вольгі, некаторыя людзі, якія раней займалі высокія пасады, хоць і не цураюцца цяжкай фізічнай працы, часам проста не вытрымліваюць.

Вольга адзначае, што рана ці позна трывога пачынае вырывацца вонкі, і вера, што сітуацыя хутка зменіцца, пачынае згасаць — усё з часам перастае быць часовым.

Адгалоскам мінулага для Вольгі стала пандэмія каранавіруса і ахоўныя маскі, якія носяць людзі навокал.

«Недзе ў падсвядомасці мужчына ў масцы выклікаў у мяне страх — у нас у масках былі толькі сілавікі (супрацоўнікі сілавой структуры — прым. рэд.), [таму што] хавалі твары (...). Калі я бачыла чалавека ў масцы, мяне кідала ў дрыжыкі».

«Цэлы месяц я не магла спаць, прасыпалася ўся мокрая (...). Напэўна, гэта адпусціла мяне, толькі калі праз два месяцы я цалкам ачуняла».

«Чалавек, які цяпер знаходзіцца ў турме, нібы твая ноша: значыць, ты даў няправільную параду».

Малюнкі з выявамі палітычных вязняў Беларусі, ім адпраўляюць лісты і паштоўкі. Па словах актывістаў, лісты палітычным вязням — вельмі важны спосаб падтрымкі, які падымае дух затрыманых.

Беларусы, якія звяртаюцца па дапамогу, могуць звязацца з Вольгай па тэлефоне амаль кругласутачна, яна працуе ў офісным будынку ў цэнтры Вільнюса разам з іншымі актывістамі беларускага фонду падтрымкі «Краіна для жыцця».

«Краіна для жыцця» — адна з самых пазнавальных апазіцыйных арганізацый у Беларусі. Гісторыя фонду пачалася з аднайменнага канала ў сацыяльнай сетцы Youtube. Галоўны яго прадстаўнік — апазіцыянер Сяргей Ціханоўскі.

Яго арыштавалі ў 2020-м, усяго праз два дні пасля аб’яўлення свайго намеру прымаць удзел у прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі. Калі ён пераўтварыўся з аднаго з галоўных супернікаў Лукашэнкі ў палітычнага зняволенага, яго ролю на сябе ўзяла жонка Ціханоўскага Святлана.

Сяргей Ціханоўскі.

Сёння яна часты госць у офісе «Краіны для жыцця»: удзельнічае ў розных праграмах арганізацыі, здымаецца ў створаных у маленькім кабінеце ў Вільнюсе перадачах, за якімі ў інтэрнэце сочаць тысячы беларусаў.

Асноўныя напрамкі працы «Краіны для жыцця» звязаныя з аказаннем дапамогі беларусам: тут размяркоўваюць сродкі для тых, хто пацярпеў,, ажыццяўляюць адукацыйныя праекты, дапамагаюць палітычным зняволеным і іх блізкім, у Беларусі арганізацыя распаўсюджвае апазіцыйную газету. Telegram-каналы «Краіны для жыцця» рэжым Лукашэнка прызнаў экстрэмісцкімі.

Рэжым Лукашэнкі прызнаў Telegram-каналы «Краіна для жыцця» экстрэмісцкімі.

Прэс-канферэнцыя «Палітычныя і эканамічныя мігранты з Беларусі і іншых краін». Вольга ўдзельнічала ў ёй разам з двума іншымі апазіцыянерамі.

У «Краіне для жыцця» Вольга адказвае за праграму палітычных зняволеных. Гэта праца цягне за сабой вялікую адказнасць,бо кожнае сказанае ёю слова можа падарыць камусьці волю, але можа і пазбавіць яе. «Ты робіш нешта не так, а гэта значыць, што ты даў не тую параду».

У Вольгі з галавы не ідуць дзве гісторыі.

«Заўсёды ў сваёй галаве вяртаешся ў пачатак і думаеш, у які момант ты памыліўся. Можна было выратаваць гэтага чалавека».

Дзяўчына з Магілёва папрасіла дапамагчы ёй пакінуць Беларусь. Кожны крок яе ад’езду быў дэталёва спланаваны — вырашылі, што яна можа пакінуць краіну самалётам, бо яна не лічылася ў пошуку, дзяўчына атрымала віза. Усю дарогу да аэрапорта Вольга размаўляла с дзяўчынай па тэлефоне. Па прыбыцці ў аэрапорт Вольга пачула тое, чаго не чакала: падчас іх размовы дзяўчыну затрымалі праваахоўнікі.

«Яе рэгіструюць на палёт і затрымліваюць, на рукі надзяваюць наручнікі. Калі кагосьці затрымліваюць — гэта назаўсёды становіцца тваім цяжарам».

Другі выпадак адбыўся з 50-гадовым мужчынам, які абараняў пратэстоўцаў, калі на іх накінуліся супрацоўнікі АМАП. Яго шукала міліцыя, і ён звярнуўся па дапамогу да Вольгі.

У той час Вольга намагалася дапамагчы збегчы шматдзетнай сям’і, параіўшы мужчыне схавацца і перачакаць, пакуль сям’я не пакіне краіну. Аднак дапамогі ён не дачакаўся. Паведаміўшы, што ўжо можна з’ехаць, Вольга атрымала паведамленне ад жонкі гэтага мужчыны:

Вольга, дзякуй. Дапамога не патрэбна, Аляксандра затрымалі.

Яны знайшлі месца, дзе ён хаваўся, вельмі моцна збілі падчас затрымання. Па словах Вольгі, пазней ён прайшоў праз суд і быў узяты пад варту.

«Я асабіста дапамагаю чалавеку, таму што гэта мой асабісты цяжар. Але калі задумваешся, заўсёды ў сваёй галаве вяртаешся ў пачатак і думаеш, у які момант ты памыліўся. Можна было выратаваць гэтага чалавека».

Вольга і Насця запальваюць свечкі ля партрэта Віталя Шышова насупраць амбасады Беларусі.

3-га жніўня 2021 года ў адным з кіеўскіх паркаў быў знойдзены павешаным беларускі актывіст Віталь Шышоў, які жыў ва Украіне. У той час мала хто меў сумнеў у тым, што супрацоўнікі беларускага КДБ нясуць адказнасць за гэту смерць.

Ва Украіне Віталь Шышоў выконваў па большай частцы тую ж працу, што і Вольга ў Літве.

Пасля весткі пра яго смерць каля амбасады Беларусі ў Вільнюсе прайшла акцыя пратэсту. Тут Вольгу пастаянна акружалі людзі, з натоўпу яе сустракалі поглядамі тыя, каму Вольга дапамагла пакінуць Беларусь.

«Нават і не ведаю, што і думаць» — тады на пытанне аб тым, што яна думае пра сваю бяспеку пасля смерці Віталя Шышова, адказала Вольга.

Беларусы Вільнюса — прыхільнікі розных палітычных поглядаў і належаць да розных сацыяльных колаў.

Нягледзячы на тое, што беларуская дыяспара цесна звязаная, людзі пачынаюць лепей пазнаваць адно аднаго.

«Беларус беларусу беларус», — гучыць з вуснаў многіх. Гэты выраз пра ўзаемадапамогу.

Тым не менш, у гэтым асяроддзі часам можна назіраць спрэчкі паміж рознымі арганізацыямі з-за фінансавання ці міжнароднай падтрымкі. Неабходна таксама адзначыць, што сілы палітычнай апазіцыі дзейнічаюць у розных краінах.

Беларусы, якія ўдзельнічаюць ва ўжо звычных пратэстах апазіцыі ў Вільнюсе, звязаныя адным лёсам, які прывёў іх усіх у адно месца. Кожны дзень каля амбасады Беларусі ў Вільнюсе гараць свечкі. Сотні людзей прымаюць удзел у дэманстрацыях, прысвечаных розным угодкам ці знамянальным датам апазіцыйнага руху, такім як Дзень Волі.

Часам праводзяцца і нечаканыя акцыі — 5 ліпеня 2021-га група беларусаў перанесла свае ўспаміны аб падзеях у Менску на вуліцы Вільнюса. З іх слоў, галоўнай мэтай было звярнуць увагу на тое, што адбываецца пры перасячэнні беларускай мяжы ўсяго ў 30 кіламетрах адсюль.

Рэлаканты гэтаксама раздзяляюць пачуццё маральнай справядлівасці. Гэта важны элемент, які аб’ядноўвае досвед людзей, ён дапамагае паступова апраўляцца ад траўм, атрыманых у мінулым.

«Калі мы аналізавалі досвед літоўскіх палітычных вязняў і сасланых, мы апытвалі, што дапамагло ім выжыць, — расказвае літоўскі клінічны псіхолаг, што спецыялізуецца на калектыўнай траўме, Дануце Гайлене. — Адной з галоўных рэчаў, згаданых імі, была маральная перавага: “Вось на мяне плююць, мяне топчуць нагамі, але я ведаю, што яны не маюць рацыю — мая праўда, а яны злачынцы”».

«Гэта магутная сіла, якая дапамагае выжыць», — дапаўняе прафесар Дануце Гайлене.

Згодна з ёй, для таго, каб лягчэй ачуняць, у першую чаргу вакол павінна быць бяспека — неабходна вызваліць чалавека адтуль, дзе ён атрымаў траўму. Другі важны момант — дакладнае высвятленне таго, хто кат, а хто — ахвяра злачынства.

Беларусам пакуль незразумела, калі настане той дзень, калі справядлівасць пераможа. На жнівень 2021-га ў беларускіх вязніцах знаходзілася болей за 800 палітычных зняволеных, тысячы падвергліся і працягваюць падвяргацца катаванням, толькі за год пасля выбараў у сувязі з катаваннямі ў праваахоўныя органы Беларусі звярнуліся 4600 чалавек, аднак ні адно расследаванне так і не было распачата.

«Мой тэлефон ловіць тут беларускую сувязь».

Многіх рэлакантаў арганізаваныя ў Літве акцыі пратэстаў у думках вяртаюць у жнівень 2020 года ў Менску. Удзел у акцыях пратэсту надае сэнс і адчуванне, што можна нешта змяніць, нават знаходзячыся не на тэрыторыі Беларусі.

У траўні 2021-га ў Менску быў вымушаны сесці самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін да Вільнюса. Тады супрацоўнікі дзяржаўнай бяспекі Беларусі затрымалі былога галоўнага рэдактара прызнанага экстрэмісцкім канала NEXTA Рамана Пратасевіча і яго дзяўчыну, студэнтку Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Сафію Сапегу.

Рэагуючы на гэтую падзею, якая скалыхнула ўсю Еўропу, рэлаканты размясцілі пратэсны лагер каля беларускай мяжы, у Медзінінкай. Многія актывісты, якія там знаходзіліся, мабілізаваліся, дзякуючы фонду «Краіны для жыцця».

Адной з асноўных мэт утварэння лагера было ўзмацненне строгасці санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Галоўнае — ціск на эканамічны сектар і найбуйнейшага вытворцу калійных угнаенняў «Беларуськалій». Адзначаныя лагатыпамі гэтай кампаніі вагоны, перасякаючы Літву, перавозяць угнаенні ў розныя краіны Захаду. Сваю незадаволенасць беларусы дэманстравалі, перыядычна блакіруючы рух грузавікоў, якія перасякалі мяжу.

Часам рэлаканты на беларускай мяжы на некалькі хвілін блакавалі рух грузавікоў. Найчасцей за ўсё беларускія дальнабойнікі падтрымлівалі такія акцыі — прыпыняліся папаліць, пагутарыць ці спакойна чакалі, калі зноў змогуць ехаць.

Усе акцыі пратэстаў былі ўхваленыя супрацоўнікамі літоўскай паліцыі. Недалёк быў бачны паліцэйскі мікрааўтобус і пункт пропуску на мяжы з Беларуссю. Справа памятны мемарыял у Медзінінкай, які прысвечаны ахвярам забойстваў, якія адбыліся тут 30 чэрвеня 1991 года. У той дзень супрацоўнікі савецкага спецпадраздзялення міліцыі забілі 7-х літоўскіх памежнікаў.

У разгар лета лагер у Медзінінкай стаў сілай беларускіх рэлакантаў, якая перапыніла доўгае маўчанне.

«Мне даспадобы знаходзіцца тут, побач з беларускай мяжой, узнікае такое адчуванне дому. (...) Знаходжанне тут у цэлым надае ўсяму сэнс, таму што звычайна, цэлымі днямі, ты нічым не займаешся», — расказвае Аляксандра (Саша), рэлакантка з Вільнюса. У лагеры яна правяла амаль два тыдні.

Беларусы жартуюць, што мясцовая котка — гэта «літоўская кансьержка», таму што якраз яна першай сустракае людзей, якія перасеклі літоўска-беларускую мяжу ў Медзінінкай, калі яны спыняюцца на першай запраўцы, каб папіць кавы ці скарыстацца туалетам пасля нялёгкіх гадзін на прапускным пункце.

Некаторыя дальнабойнікі сігналяць, калі бачаць пратэстоўцаў, якія размахваюць сцягамі, выказваючы так пратэст, ды вывешаныя на прыдарожжы плакаты; іншыя праязджаюць ціха, быццам не звяртаючы ўвагі.

Некаторыя спыняюцца для кароткай размовы — расказваюць, што чырвона-белыя паветраныя шары, якія лунаюць у паветры з боку Літвы, турбуюць памежнікаў. Беларусь, якую пакінулі ўсе тыя рэлаканты, якія сабраліся тут, усяго ў некалькіх метрах.

Пратэстоўцы на прыдарожжы разгарнулі сцягі, вывесілі фотаздымкі палітычных вязняў і забітых актывістаў, плакаты з крытыкай рэжыму Лукашэнкі.

Вольга і іншыя актывісты 14 чэрвеня 2021 года глядзяць першую «прэс-канферэнцыю» затрыманага ў Беларусі Рамана Пратасевіча.

Адна з акцый па блакіроўцы руху прывяла да канфрантацыі з дальнабойнікамі з Расеі і Беларусі. Адныя скардзіліся на тое, што спазняюцца, іншыя скандзіравалі крычалкі, якія ўсхвалялі рэжым, наўпрост у твар пратэстоўцаў.

Таксама лагер у Медзінінкай прывабіў увагу беларускага рэжыму: акцыі пратэстаў трансляваліся ў прапагандысцкіх праграмах дзяржаўнага тэлеканала АНТ, а асабістыя звесткі пратэстоўцаў распаўсюджваліся ў праўладных Telegram-каналах.

Для рэлакантаў у Медзінінкай гэта азначала перамогу. Тэлеканал АНТ транслюе ў беларускіх турмах: акцыі пратэстаў у Медзінінкай змаглі пабачыць сотні палітычных зняволеных, якім неабходная падтрымка.

Рэжым абвясціў аб уяўнай пагрозе: нібы пратэстоўцы выкарыстоўваюць запазычаныя ва ўкраінскіх рэвалюцыянераў «тактыкі Майдана». Такія заявы толькі пацвярджаюць, што Лукашэнка пачуў пратэстоўцаў.

Жыхары лагера размаўляюць з дальнабойнікамі, якія стаяць у чарзе на перасячэнне літоўска-беларускай мяжы.

Асноўная мэта, па словах рэлакантаў, расказаць кіроўцам пра палітычную сітуацыю, падтрымаць барацьбу супраць рэжыму.

Многім, як і для Дашы, прысутнасць у лагеры дала магчымасць выказаць пратэст і адчуць сябе бліжэй да дому, да Беларусі.

Беларусы на нейкі час сталі прымежнымі жыхарамі. Некаторыя прыносяць дровы і гатуюць, іншыя частуюць гарбатай і размаўляюць пра тое, што кожнаму з іх прыйшлося перажыць са жніўня 2020-га.

Для тых, хто заставаўся на ўсю ноч, у лагеры кожны вечар разводзілі вогнішча.

Размовы каля вогнішча амаль заўсёды ператвараліся ў абмен успамінамі пра мінскія падзеі 2020-га.

Адзін з беларусаў успамінае, дзе быў 9-га жніўня, а другі, далучыўшыся да размовы, расказвае пра тое, што рабіў 10-га. Некаторыя з гэтых людзей — падлеткі.

Сціскаючы пальцамі цыгарэту, 17-гадовы Кірыл расказвае, як яго затрымалі ў першую ж ноч пасля выбараў, выразна ўспамінае катаванні, якія ён бачыў.

«Найгорш тое, што я не змагу пабачыцца са сваімі бабуляй і дзедам, нават калі яны «ябацькі» (прыхільнікі Лукашэнкі, прым. рэд.).

Да Кірыла падыходзіць маладая дзяўчына і, нічога не кажучы, абдымае яго: «Мы ўсе раздзяляем адно і тое ж».

Дзве другія маладыя рэлаканткі, Саша і яе партнёрка Дар’я (Даша), паўтараюць словы Кірыла. «Мой тэлефон ловіць тут беларускую сувязь, я магу патэлефанаваць сваёй сям’і з беларускага нумара», — гаворыць Саша.

У другой частцы чытайце пра Сашу і Дашу, пра перажытыя ў Менскіх турмах катаванні, пра адчуванне віны ўцалелых, а таксама пра раскіданыя па Вільнюсе камуны беларускіх рэлакантаў.