Аляксандра Якаўлева (Саша, 21 год) і яе каханая дзяўчына Дар’я Барысавец (Даша, 22 гады) трапілі ў Літву ў снежні 2020-га.
У Менску на факультэце камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Саша была адной з лідараў студэнцкага пратэснага руху. Акрамя гэтага, яна належала да Беларускай асацыяцыі падтрымкі студэнтаў, якая дапамагала студэнтам. Саша адміністравала Telegram-канал асацыяцыі.
У снежні 2020-га напружанасць расла — Сашу шукалі супрацоўнікі беларускага КДБ, а чацвярых студэнтаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах разам з ёй, на той момант ужо затрымалі. Бацькі пераконвалі Сашу з’язджаць як мага хутчэй.
Разам з Дашай у два заплечнікі і два чамаданы яны склалі неабходныя рэчы, сярод якіх была плюшавая акула, якую Саша падарыла для Дашы на угодкі іх адносін. Дзяўчыны знаёмыя адна з адной ужо болей за 11 гадоў.
У Вільнюсе яны знайшлі дом у беларускай камуне, якую тады ўзначальваў 36-гадовы мінчанін Аляксей Яўтушык.
Сам Аляксей прыехаў у Вільнюс 26 жніўня 2020 года, праз некалькі тыдняў да яго з Менска прыехала яго дзяўчына Ганна Дамаронак. Яшчэ праз некалькі месяцаў да іх далучылася даўняя сяброўка Аляксея Лідзія Яльцова.
Слова «камуна» ідэальна падыходзіць для апісання таго, наколькі цесна жывуць і кантактуюць беларусы, якія прыехалі ў Вільнюс. Самі рэлаканты часцей выкарыстоўваюць яго ў жартоўнай форме, расказваючы пра беларускія суполкі, раскіданыя па ўсім Вільнюсе і за яго межамі.
Камуны рэлакантаў у Літве пачалі стварацца адразу пасля сфальсіфікаваных выбараў: колькасць людзей, якія беглі ад рэпрэсій, стала хутка расці. Актывістам неабходна было як мага хутчэй знайсці часовае жыллё для тых, хто прыязджае. З-за пандэміі каранавіруса многія сталічныя гасцініцы рабілі зніжкі на жыллё. Астатнія камуны фарміраваліся без дапамогі дзейных у Літве арганізацый — яны ствараліся самастойна.
Аляксей падымаецца па лесвіцы ў сваім шматкватэрным доме, праходзіць міма кватэр, у якіх жывуць такія ж беларусы. Ён дабіраецца да апошняга паверха свайго дома, за шклянымі дзвярыма бачыцца агульны балкон, на якім адну цыгарэту за іншай выпальваюць новыя сябры Аляксея. Яны ўселіся на старой канапе, слухаюць літоўскі, а пасля і рускі рэп.
«Час прыгод», — усміхаецца Аляксей.
У камуну Аляксея ўваходзяць яго самыя блізкія людзі, такія як Ганна і Ліда, а таксама іншыя рэлаканты — Саша з Дашай жывуць у суседнім пад’ездзе. Адным паверхам вышэй некаторы час жыла Вольга з Глебам і Насцяй.
«Мы ўсе з розных сфер, — расказвае Даша. — Калі б мы не апынуліся тут [у Літве], нашы шляхі ніколі б у жыцці не перасекліся».
Саша і Даша на экране тэлефона паказваюць фотаздымкі з акцый пратэсту, якія адбываліся ў Менску яшчэ ў 2020-м. На іх бачна ўсіх беларусаў, якія сёння жывуць разам. Тады яны яшчэ не былі знаёмыя, аднак хутка сталі блізкімі сябрамі.
Беларусаў, якія жывуць у гэтай камуне, таксама аб’ядноўваюць успаміны пра сумна вядомы ізалятар на вуліцы Акрэсціна ў Менску. У першыя дні пасля выбараў у гэтую турму адпраўлялі тысячы пратэстоўцаў. Па словах праваабаронцаў, беларусы, якія апынуліся на Акрэсціна, падвергліся жорсткім катаванням. Праз пяць дзён пасля выбараў, 14 жніўня 2020-га, сотні людзей з калецтвамі сталі выходзіць праз вароты ізалятара.
Каля варот дзяжурылі валанцёры, якія дапамагалі вызваленым знайсці родных, ім аказвалася медыцынская дапамога. Саша і Даша таксама былі ў ліку валанцёраў. Каля ізалятара на Акрэсціна ў жніўні 2020-га яны праводзілі бесперапынна 24 гадзіны — яны рэгістравалі вызваленых, дапамагалі як ім, так і іх блізкім.
Аляксей быў адным з тых, хто выйшаў тады праз вароты ізалятара на Акрэсціна.
«Я пачаў думаць пра сваё жыццё. Ці гэтага дастаткова?»
9 жніўня Аляксея затрымалі, калі ён ішоў на адным з пратэстаў у сталіцы Беларусі. У той дзень ён стаў адным з першых, хто падвергся рэпрэсіям пасля выбараў. У ізалятары на Акрэсціна Аляксей прабыў тры ночы. У шасцімеснай камеры ізалятара разам з ім знаходзіліся яшчэ 63 чалавекі, якія прыціскаліся змучанымі ад пабояў целамі да сцен камеры.
На другую ноч крыкі затрыманых змяніліся цішынёй, а адрывістыя распараджэнні сілавікоў змяніліся ўдарамі. У камеры Аляксея было цяжка дыхаць, паплечнікі каля дзвярэй перадавалі тое, што ім удавалася пачуць ці пабачыць скрозь вузкія шчыліны.
«Першы ўдар — чалавек крычыць, другі — крычыць яшчэ мацней, трэці — цішыня», — расказвае Аляксей.
«Памятаю, як я стаў распытваць людзей вакол: ці праўда адбываецца тое, пра што я думаю? Нехта адказаў, што так. Я ўпэўнены, што яны забівалі людзей. Некаторыя людзі побач сталі плакаць, спяваць».
«Яны [турэмныя наглядчыкі] сталі выцягваць людзей з камер на нашым паверсе. Набліжаліся, а мы проста чакалі. Я сказаў тады, што мы не ведаем, што нас чакае, але, відаць, у нас зусім няшмат часу, каб падумаць пра сваё жыццё. Магчыма, на гэтым яно закончыцца».
«У той момант не было страху, я проста думаў пра тое, што ў мяне амаль не засталося часу».
«Я пачаў думаць пра сваё жыццё. Ці гэтага дастаткова?»
Аляксей заплюшчыў вочы. Першае, пра што ён тады падумаў, гэта пра сваю дзяўчыну Ганну, якая ў той момант шукала Аляксея па менскіх лякарнях, турмах, аддзелах міліцыі.
«Я адказаў сабе, што так [дастаткова пражыў]. Толькі ў нямногіх (...) людзей было такое захапляльнае жыццё, як у мяне».
«І ўсё разам закончылася, калі яны [сілавікі] наблізіліся да нашай камеры».
Дзверы ў камеру, у якой знаходзіўся Аляксей і яшчэ шэсць дзясяткаў чалавек, супрацоўнікі праваахоўных органаў так і не адчынілі. Нават сёння Аляксей не можа зразумець, чаму яны ў той момант спыніліся.
У ізалятары на Акрэсціна ён таксама адчуў на сабе жорсткасць сілавікоў. Шасцідзесяці затрыманым, якія знаходзіліся ў адной камеры, сілавікі давалі некалькі бутэлек вады, білі іх і катавалі, саджаючы ўсіх у квадрат, унутры якога распранутыя да трусоў затрыманыя самі павінны былі выбраць таго, хто з гэтага квадрата можа выйсці.
Іншыя парушэнні ў турме, зафіксаваныя такімі арганізацыямі, як Human Right Watch і Amnesty, паказваюць на сістэматычныя катаванні, уключаючы згвалтаванні і жорсткія збіванні.
Навіны пра тое, што насамрэч адбывалася ўнутры, сталі з’яўляцца, калі вароты Акрэсціна адчыніліся і вуліцы Менска запаланілі цяжка параненыя дэманстранты.
Некаторым так і не ўдалося выбрацца адтуль — як мінімум некалькі чалавек падчас пратэстаў зніклі, пазней іх знайшлі мёртвымі. Іх целы выкінулі ў лесе ці даставілі ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі.
Пасля таго як Аляксей выйшаў на волю, ён уступіў у створаную ў сацыяльнай сетцы Telegram суполку «Камера 12». Гэтая суполка аб’яднала людзей, якія сядзелі разам з Аляксеем у камеры на Акрэсціна.
«Чацвёра з іх з’ехалі [з Беларусі]. Адзін адправіўся ў Расею, другі ў Бангладэш — відаць, вырашыў з’ехаць як мага далей».
Аляксей усё яшчэ падтрымлівае сувязь з некалькімі сукамернікамі, аднак праз год пасля таго як усе выйшлі на волю, суполка выкарыстоўваецца ўсё радзей. Сёння тут у асноўным дзеляцца навінамі з розных краін, а таксама парадамі для тых, хто хоча з’ехаць з Беларусі. «Вельмі добрыя людзі, але разам з тым і вельмі розныя», — расказвае Аляксей, дадаючы, што камеру ён раздзяляў і з падлеткамі, і з пенсіянерамі.
Аляксея рэдка пабачыш аднаго — ён амаль заўсёды знаходзіцца ў асяроддзі сяброў. У адной руцэ ён часцей за ўсё трымае бляшаную банку Coca-Cola, у іншай тлее цыгарэта.
Якраз Coca-Cola была першым, пра што ён папрасіў, калі выйшаў з Акрэсціна. Аляксей усміхаецца, успамінаючы гэта.
У сваёй камуне Аляксей, падобна, бярэ на сябе ролю апекуна — некаторым беларусам, з якімі ён разам жыве, дапамагае разбірацца з дакументамі для Дэпартамента міграцыі, падказвае, куды звяртацца па дапамогу медыкаў ці другіх прафесіяналаў.
«На мне наступствы [перажытых траўм] не сказаліся, ці прынамсі яны не былі такімі крытычнымі, у астатніх нашмат больш праблем. Я бачу, што з імі сутыкнуліся Ганна, Лідзія. Мне нашмат лепей». Аджартоўваючыся, дадае, што катаванні, якім ён падвергся ў турме, — гэта яго «вайна ў В’етнаме».
Па словах клінічнага псіхолага, прафесара Дануце Гайлене, дапамога свайму асяроддзю і падтрымка можа стаць крыніцай сілы: «Калі ты суцяшаеш іншых — гэта будзе мець тэрапеўтычны эффект, і, верагодна, табе самому не спатрэбіцца дапамога [прафесіяналаў]».
Па словах Аляксея, пасля перажытага ў Беларусі псіхалагічныя праблемы з’явіліся ва ўсіх: «Я таксама адчуваю нейкую паніку, але мне прасцей», — кажа Аляксей.
«Гэта стан вечна сціснутай спружыны — пастаянна чакаеш, што нешта адбудзецца».
Лідзія (32 гады) падчас пратэстаў, якія адбываліся ў жніўні 2020-га, на сваім аўтамабілі падбірала пратэстоўцаў, што беглі ад АМАПа, сустракала тых, хто толькі што выйшаў з турмаў на волю, дапамагала ім знайсці сваіх блізкіх. Рэагуючы на такую дзейнасць, рэжым пачаў расследаванне ў дачыненні да Лідзіі. А затым Аляксей папярэдзіў яе, што час пакінуць Беларусь.
У Вільнюс яна прыехала 18 снежня 2020 года і пасялілася разам з Аляксеем. Ёй удалося пакінуць Беларусь усяго за некалькі дзён да таго, як Лукашэнка амаль цалкам зачыніў межы краіны: з’ехаць маглі толькі тыя, хто меў пастаянны від на жыхарства за мяжой.
Рэжым сцвярджаў, што межы зачыняюцца для таго, каб спыніць распаўсюджванне каранавіруса. Аднак, на думку апазіцыі, гэта была спроба спыніць плынь людзей, якія з’язджалі з краіны.
У першыя дні ў Вільнюсе Лідзія адчувала сябе быццам вызваленай: «Гасподзь, гэта адчуванне пакінула мяне, напэўна, толькі праз некалькі месяцаў — я прыехала з вайны, а тут спакой».
Аднак пазней Лідзію ахапілі асцярогі за будучыню, таму што «нічога нельга спланаваць».
Аналітыкі адносяць значную частку ўдзельнікаў пратэстаў да сярэдняга беларускага класа, які пачаў фармавацца і расці за апошнія гады ў сувязі з развіццём новых сектараў, такіх як IT.
Многія з тых, хто цяпер ужо пакінуў Беларусь, сутыкаюцца з праблемамі, якія накрываюць бежанцаў ва многіх краінах свету. Іх турбуе галоўнае пытанне: як нанова будаваць жыццё?
У Менску Лідзія працавала грымёрам у кінаіндустрыі. Сёння яна з радасцю расказвае пра сваю былую працу, дзеліцца самымі яркімі ўспамінамі пра закуліснае жыццё на здымачнай пляцоўцы. У Літве Лідзія не можа знайсці працу па спецыяльнасці.
«Часам ахоплівае пачуццё бездапаможнасці. Я разумею, што мы тут нікому не патрэбныя, асабліва я, якая не ведае мовы, з прафесіяй, прадстаўнікоў якой тут і так зашмат».
«Замест таго, каб будаваць планы на жыццё, я планую толькі дакументы, дакументы, дакументы».
Нягледзячы на тое, што Літва выдала беларусам тысячы віз, многія з іх сутыкаюцца з бюракратычнымі цяжкасцямі пры атрыманні віда на жыхарства ў Літве. Бясконцыя складаныя працэдуры падачы дакументаў, а ў выпадку Лідзіі — пастаянныя думкі пра тое, як забяспечыць сабе крыніцу сродкаў для існавання. Гэта неабходна для доказу таго, што, пражываючы ў Літве, яна зможа ўтрымліваць сябе.
У Дэпартамент міграцыі Лідзія павінна прынесці сваю працоўную дамову, у якой будзе пазначаны яе заробак. Яна гэтаксама можа прынесці пасведчанне іншага чалавека аб яго гатоўнасці ўтрымліваць яе ці выканаць яшчэ адну ўмову — пакласці на свой банкаўскі рахунак амаль 8000 еўра.
«Адкуль такія грошы ў беларусаў, якія бягуць, захапіўшы з сабою адзін мех рэчаў?»
У верасні 2021-га ў Вільнюсе праходзіла канферэнцыя беларусаў свету. Некаторыя з тых актывістаў, хто там удзельнічаў, казалі пра тое, што галоўнае думаць, як выжыць цяпер, а не пра тое, што будзе, калі рэжым Лукашэнкі падзе. Важныя не толькі дэмакратычныя выбары ці магчымыя палітычныя лідары, якія будуць правіць краінай у будучыні — важна думаць пра тое, як дапамагчы беларусам сёння.
З верасня 2020-га да жніўня 2021-га Літва выдала 22 199 нацыянальных віз грамадзянам Беларусі, сярод якіх болей за 6000 выдалі на гуманітарнай падставе. Акрамя таго, беларусам выдалі 13 066 відаў на жыхарства ў Літве, аднак дакладнай лічбы людзей, якія прыбылі ў краіну пасля рэпрэсій, і тых з іх, хто застаўся тут, няма.
Уладальнікамі выдадзеных віз і відаў на жыхарства могуць быць і беларусы, якія працуюць на тэрыторыі Літвы, напрыклад кіроўцы далёкіх рэйсаў.
Складана высветліць дакладную колькасць людзей, якія пакінулі Беларусь. Няўрадавыя арганізацыі абапіраюцца на звесткі з міністэрстваў замежных спраў і дэпартаментаў міграцыі з суседніх краін. Абапіраючыся на гэтыя звесткі, можна падлічыць, што толькі за 2021 год Беларусь пакінула больш за 100 тысяч чалавек.
У Вільнюсе Лідзію суправаджаюць посттраўматычныя рэакцыі, якія ўзніклі на фоне ўсё яшчэ жывых успамінаў пра перажытае ў Беларусі — стрэсу, страху і жорсткасці, сведкай якіх яна стала.
«Я бачу, што людзі [тут] усміхаюцца, у іх усё добра. (...) А я адчуваю сябе так дрэнна і пачынаю з-за гэтага плакаць. Я не зайздрошчу (...) проста закрадаецца думка, чаму ва ўсіх усё так добра».
«Гэта стан вечна сціснутай спружыны — пастаянна чакаеш, што нешта адбудзецца. Рэзкія павароты галавой направа і налева — быццам аглядаешся, каб за табою не сачылі, каб за спінаю не было аніякага амапаўскага буса».
Людзі вакол Лідзіі людзі заўважаюць, што яна гадзінамі можа не выходзіць з пакоя. Яны неаднаразова пераконвалі яе звярнуцца па дапамогу да прафесіяналаў. Першым да псіхатэрапеўта яе накіраваў Аляксей.
Навакольныя Ліду людзі заўважаюць, што яна гадзінамі можа не выходзіць з пакою. Яны неаднакратна пераконвалі яе звярнуцца за дапамогай ад прафесіяналаў. Першым да псіхатэрапеўта яе направіў Аляксей.
«Я схадзіла да псіхіятра (...) і ён сказаў, што ў мяне відавочны і выразны, а не схаваны посттраўматычны разлад асобы».
«Жыць хочацца».
Прайшло ўжо шмат часу з таго моманту, як Лідзія прыехала ў Літву. У верасні 2021-га яна паступіла на марскую лагістыку ў Клайпедскім універсітэце.
Статус студэнта дазваляе Лідзіі хаця б на найбліжэйшыя некалькі гадоў забяспечыць сабе пастаянства і таксама атрымаць бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, у якім Лідзія адчайна мае патрэбу з-за пастаянных праблем са здароўем.
«Патрохі вяртаемся [ў свой рытм], усё робіцца лепей. Для ўсяго патрэбны час».
«Часам задумваюся пра тое, што, можа быць, я занадта рана з’ехала. Магчыма, я магла б зрабіць больш, калі б засталася там».
«Адчуванне віны ўцалела — гэта тое, што мы чуем на кожным сеансе, што мы жывём тут, а нашы сябры сядзяць у турме», — расказвае беларускі псіхолаг Элада Хусакава.
«Людзі заўсёды пытаюць нас пра тое, ці могуць яны дазволіць сабе быць шчаслівымі».
Элада кажа, што працавала прыкладна з 500 беларусамі, якія жывуць як у Літве, так і па той бок мяжы.
«Беларусам вельмі складана дазволіць сабе весяліцца, але ты не можаш заўсёды быць у дэпрэсіўным стане, інакш узровень [эмацыйнага] выгарання будзе зашкальваць», — кажа калега Элады Міхаіл Кванталяні.
Па словах Элады, людзі сталага ўзросту лягчэй спраўляюцца з псіхалагічнымі выклікамі, чым маладое пакаленне. На іх перажытыя рэпрэсіі, з якімі ім ніколі раней не даводзілася сутыкацца, адбіваюцца намнога мацней.
Акрамя таго, па словах клінічнага псіхолага, прафесара Дануце Гайлене, «ахвяры траўм схільныя да перабольшвання», а гэта часта вызывае «адчуванне віны ўцалелага». «Гэтае пачуццё віны вельмі моцнае», — кажа прафесар Дануце Гайлене і дадае, што акурат гэта выклікае ў людзей адчуванне, нібы яны жывыя і здаровыя за кошт іншых.
У лістападзе 2020-га ў Менску былі затрыманыя студэнты розных універсітэтаў, у іх дамах прайшлі ператрусы, ім выставілі абвінавачванні ў арганізацыі беспарадкаў. Некаторыя з абвінавачаных, такіх як Саша, адміністравалі Telegram-каналы, у якіх распаўсюджвалася інфармацыя пра пратэсты.
Праз восем месяцаў, 16 ліпеня 2021-га, адной выкладчыцы і 11 студэнтам, у тым ліку чацвярым сябрам Сашы, прысудзілі пазбаўленне волі на тэрмін ад двух гадоў да двух з паловай.
Саша сачыла за навінамі пра гэты прысуд у Вільнюсе.
Адзін з асуджаных студэнтаў — блізкі сябар Сашы. Ён расказваў сваёй маці, што расчараваўся ў тых, хто з’ехаў.
«Я гляджу на сваіх сяброў у зале суда і разумею, што я павінна стаяць разам з імі», — гаворыць яна.
«Адбылося тое, што адбылося. І я вельмі часта паўтарала гэта для Сашы», — кажа Даша, якая сядзіць побач.
«Калі ўладкуемся, мы зможам пераводзіць грошы ў розныя фонды, дапамагаць прадуктамі, падтрымліваць інфармацыйны парадак дня і ўсё ў гэтым духу».
«А з турмы мы б што зрабілі? Нічога, мы б проста сядзелі і папаўнялі б спісы палітычных вязняў».
Праз некалькі гадзін размоў, калі тэмы зноўку непазбежна пачынаюць круціцца вакол Менска, Даша сыходзіць на пустую кухню. Яна моўчкі стаіць у цемры і спрабуе супакоіцца. Саша ідзе за ёй.
У той час калі Саша пастаянна думае пра сваіх сяброў, якія апынуліся за кратамі, Даша сумуе па сям’і — па маці і брату, які нарадзіўся зусім нядаўна.
«Часам праскоквае думка: калі я прыеду [ў Беларусь], магчыма, ён [брат] ужо будзе хадзіць і размаўляць. Я яму такая: «Прывітанне, я твая сястра». А ён мне такі: «Хто ты такая? Я цябе не ведаю».
Спачатку яны думалі, што з Беларусі з’едзе толькі Саша, але пазней зразумелі, што рана ці позна КДБ стане шукаць і Дашу. Дашу расстройвала толькі думка пра тое, што Саша з’едзе адна, а яна застанецца ў Беларусі.
Працягваючы актывісцкую дзейнасць за мяжой, у Літве, Даша апынулася ў поле зроку праўладных Telegram-каналаў, якія дзяліліся асабістымі звесткамі пратэстоўцаў, каб запалохаць іх. З таго моманту яе дарога ў Беларусь, да сваёй сям’і, зачынена.
«Можа, гэта проста візітоўка ўсіх, хто вырас у Беларусі», — гаворыць Саша, вярнуўшыся ў пакой.
«А мо так адбываецца, таму што ў горадзе, у якім ты жывеш, і ў месцах, якія ты выдатна ведаеш, узрываюць гранаты і страляюць па людзях».
«Ты ўсё гэта бачыш і гэта не можа не пакінуць свой адбітак».
12 жніўня 2020-га сотні жанчын выйшлі на вуліцы Менска пасля некалькіх дзён гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў. Гэта паклала пачатак так званых Жаночых Маршаў. Праз год у Вільнюсе некаторыя з тых жанчын, якія цяпер у выгнанні, адзначылі гадавіну жаночых пратэстаў.
Пасля паказу беларускай моды, калі ў якасці мадэляў выступалі рэлаканты, адбыўся флэшмоб. Апранутыя ва ўсё чорнае, жанчыны, якія выдаюць сябе за АМАП, пайшлі насустрач гледачам, яны прабіліся скрозь натоўп і выйшлі на другі бок плошчы ў старым горадзе Вільнюса.
Для імпрэзы Дашы прыйшлося пафарбаваць вочы ў чорны, таму што нават у балаклаве яна выглядала «занадта мілай», — усміхнулася Саша.
9 жніўня 2021-га некалькі соцень беларусаў сабраліся на дэманстрацыю ў Вільнюсе, прымеркаваную да гадавіны сфальсіфікаваных выбараў. Святлана Ціханоўская, як і іншыя апазіцыйныя актывісты, падкрэсліла, што вельмі важна працягваць пачатую барацьбу і што яны «хутка вярнуцца дадому». На той сустрэчы былі і тыя, для каго гэтыя словы за год згубілі ўсялякі сэнс.
Пасля выступленняў палітыкаў і актывістаў, несучы гістарычны беларускі сцяг, рэлаканты падышлі да амбасады Беларусі ў Вільнюсе. У дворык амбасады яны сталі запускаць папяровыя самалёты, пры гэтым жартуючы, што іх будзе няма каму збіраць, таму што ў амбасадзе амаль не засталося супрацоўнікаў — за год палітычнай барацьбы былі адкліканыя як літоўскія, так і беларускія дыпламаты, колькасць супрацоўнікаў значна скарацілася.
Вечарам таго ж дня ў Вільнюсе адбыўся паказ дакументальнага фільма, які цалкам сабраны з архіўных матэрыялаў з беларускіх пратэстаў. На імпрэзе сабраліся дзясяткі беларусаў, а Саша і Даша прыехалі туды са сваімі сябрамі.
Калі паназіраць за тымі, хто сабраўся тут, нельга не адзначыць, што ўсе выглядаюць аднолькава — іх накіраваныя на экран погляды сачылі за знятымі на мабільныя тэлефоны сцэнамі гвалту, з дынамікаў без перапынку даносіліся крыкі.
Беларусы, якія глядзелі фільм, адно за адным уставалі са сваіх месцаў, адыходзілі ў бок для таго, каб пакурыць.
«Мы проста плывём па плыні, дзе-небудзь да і апынёмся. Спробы што-небудзь спланаваць прыносяць толькі расчараванне».
Па словах псіхолага Элады, якая дапамагае беларусам, адным з важных аспектаў, здольных дапамагчы рэлакантам прайсці праз цяжкасці ва ўладкаванні ў новай краіне, можна назваць планаванне свайго жыцця маленькімі крокамі: «У цяперашняй сітуацыі мы не можам будаваць доўгатэрміновыя планы, гэта вызывае толькі трывогу».
«Асабліва цяпер, калі мы бачым, рэпрэсіі, эміграцыя яшчэ не закончыліся. Мы разумеем, што гэта будзе працягвацца», — дадае яе калега Мікола.
«Людзі, якія прыязджаюць сюды, думаюць, што гэта ненадоўга, што праз тыдзень ці месяц яны змогуць вярнуцца назад. Аднак так ніколі не адбываецца».
Часовае змяняецца пастаянным, многія, хто прыбыў, адчуваюць моцную напругу ў сувязі з праблемамі бюракратычнага характару, звязаныя з атрыманнем юрыдычнага статуса ў краіне, а таксама праз паўсядзённыя жыццёвыя задачы, напрыклад закупы ў прадуктовай краме, дзе ім складана разабрацца без валодання мовай.
«Мы раім жыць сённяшнім днём — прачынаешся і плануеш канкрэтныя задачы на сёння», — кажа Элада.
Па словах Элады, беларуская калектыўная траўма закранула як тых, хто пакінуў краіну, так і тых, хто застаўся ў Беларусі, а на лячэнне ад яе спатрэбяцца дзесяцігоддзі, нават «калі ўсё скончыцца і людзі змогуць вярнуцца, калі захочуць».
«Псіхолагам трэба будзе працаваць з усім пакаленнем гэтых людзей, — дадае Мікола. — У нас ёсць траўмаваныя людзі: тыя, хто з’ехаў, і тыя, хто застаўся і жывуць ва ўціску».
Па словах Міколы, палітычны крызіс, які працягваецца, накладвае адмеціну не толькі на ахвярах, але і на выканаўцах рэпрэсій: «Гэта памылковыя думкі, што ад [псіхалагічных] траўм пакутуе толькі адзін бок».
Нягледзячы на тое, што беларускае грамадзянства падзелена на дзве часткі, некаторыя людзі знаходзяцца на баку рэжыму не па сваёй волі.
«Можна сказаць, што ў некаторых людзей проста няма магчымасці [не падвяргацца ўплыву рэжыму] ці яны перакананыя, што ў іх гэта не атрымаецца», — кажа Мікола.
У трэцяй частцы чытайце пра беларусаў, якія, абраўшы бок апазіцыі, сталі іконамі руху. У той час як некаторыя прынялі новы статус, іншыя імкнуліся пазбегнуць новаздабытай славы.